Автор   Стаття 
Статті Бриколаж  —  Проза опору  —  Прылёт кажана (біл.)
Вячеслаў Адамчык
Дата публікації 28 липня 2005 р.
Прылёт кажана (біл.)

Написавши це оповідання, його автор, зараз, на жаль, покійний класик білоруської літератури одним нокаутом збив із ніг два, напрочуд живучих міти: перший — про тамтешніх націоналістів, мета котрих і щастя — служити великому німецькому фюреру (тут ходить про Другу Світову); і другий — про «визвольний» характер так званих «радянських» партизанів у Західній Білорусії, від описання котрих („актів визволення”) на очі набігає скупа чоловіча сльоза.

Адамчик перший, хто у художній формі засудив звірства «червоних» партизанів, на пам'ять котрих чекає історичний трибунал, в Білорусії, Україні і Прибалтиці, разом з добродіями із Армії Крайової, Людової, НКВД і власовцями. Тому що наші герої — це НАШІ партизани.

Iх было пяцёра, смярдзючых ад тытуню i самагоннага перагару дужых мужчын, на яе адну, кволую, як падлетак, з вялiкiмi перапалоханымi вачыма маладую настаўнiцу. Навучыцельку, як казалi яшчэ на польскi лад тутэйшыя людзi.

Страцiўшы мужа — няхай крые Бог, яны пражылi разам усяго толькi месяц — i баючыся ўжо сама арышту, яна пры намове i помачы добрых людзей уцякла з горада сюды, у прылясную вёску. Не спадзявалася, вядома, што i тут няма зацiшку: партызаны разбiлi ўправу i застрэлiлi iнжынера-дарожнiка, якi ўладкаваўся быў на працу дырэктарам тутэйшай пачатковай школкi.

Як не ведала, што яны ўжо напытвалi i пра яе.

I вось, апранутыя хто як — у напалову вайсковае, у напалову цывiльнае, — але ўсе падпаясаныя шырокiмi рамянямi, яны стаялi ў пройме асвечаных малочнай поўняю дзвярэй. I ўсе з ружжамi. Хоць не. Той, што насуплена пазiраў з-пад круглай фуражкi з нiзкай тулiяй, уздымаў руку, зашчамiўшы ў ёй вастрадзюбы пiсталет.

Яна i не адсунула б дзвярэй, каб яе не абхiтрыў знарок падасланы iмi цiхi, сарамяжы Iлля — школьны вартаўнiк.

Савецкi бяжанец, як казалi на яго, прыбiўся сюды, у Косiчы, з Беластоку, дзе ён быў на практыцы — устанаўлiваў у клубе кiнапраектар. Аглушаны, як i ўсе, першымi ўзрывамi бомбаў, першымi сполахамi пажару i першым, нiколi не чутым стогнам i енкам параненых, ён сарваў з экрана шоўкавае палатно, запхнуў яго за пазуху i ўлiўся ў паток бежанцаў. Ён уцякаў на ўсход, у Расiю.

Але за Слонiмам яго нагналi нямецкiя танкi, а палатно, якое ён адрэзамi мяняў на харчы, таксама скончылася. Дайшоўшы да Косiчаў, Iлля застаўся тут спярша парабкам, а потым, як адчынiлася школка, перайшоў у яе вартаўнiком, а заадно i прыбiральшчыкам.

Яна i паддалася на падман, калi гэты самы Iлля, асцярожна пастукаўшы ў акно, цiхавата, з хiтрай лiслiвасцю папрасiў:

- Откройте, дело есть.

Накiнуўшы лёгкi халацiк, яна падышла да дзвярэй.

Думалася пра ўсё благое — пажар, смерць, — толькi не пра тое, што ў яго за спiною будуць стаяць яшчэ пяцёра, а ў пройму прыадчыненых дзвярэй уткнецца руля вiнтоўкi, каб ужо iх зачынiць яна не магла.

- Окошко занавесь и огонек зажги, — загадаў той, што ў шчылiну мiж вушаком i дзвярмi ўсадзiў вiнтоўку, i халоднаю руляю, што запахла нейкiм мазутам i гарам, адапхнуў яе на сярэдзiну вузкай бакоўкi.

Яна зняла з ложка лёгкае, пашытае з лапiчкаў-ласкутоў коўдра, завесiла акно i тады ўжо на стале каля газоўкi пачала шукаць запалкi — малюсенькi карабок нямецкiх, кардонавых, з вялiкiмi шыпучымi галоўкамi, што нядаўна купiла ў горадзе.

Шыпучая запалка высвецiла стол, стосiк вучнёўскiх сшыткаў на iм, чарнiльнiцу-невылiванку з драўлянаю лакiраванаю ручкаю i пухiрок газоўкi. А каснiчок дымнаватага агню, што захiстаўся на газоўцы ад скразняку, бо дзверы яшчэ не зачынiлi, — iх усiх: найперш iхнiя чырвоныя ад перапою, адутлаватыя твары, а потым i чорныя рулi вiнтовак, што былi ў iх за плячыма.

Iлля баязлiва таптаўся за iмi ў парозе.

- Так вот какая ты, немецкая шлюха, — азваўся нарэшце той, што шчымiў у руцэ пiсталет. Пэўна, старшы над iмi. Акрамя пiсталета пра гэта сведчыла i яго нягеглая, ужо добра паношаная фуражка на нiзкай тулii. У немцаў фуражкi седлаватыя, ганарыста задзёртыя, а гэтую нiбы хто прыпляскаў на галаве.

- Да, ничавось птичка, — рагатнуў другi, мурлаты, у цывiльнай кепцы i суконным, вясковае работы фрэнчы.

- Ну что же, ребята, крылышки мы ей почистим, — азiрнуўся i сказаў сабе за плячо той, што быў у вайсковай фуражцы.

I маладая, падобная да дзеўчаняцi-падлетка настаўнiца схаладзела душою. З жахам успомнiлася ўжо тое, што тыдзень назад ёй сказала рупная, занепакоеная гаспадыня, у хаце якой яна i зняла гэтую бакоўку з адным венскiм акном i асобным ходам.

- Ой, дзяўча, не ўпору ты прыехала. Спакою нямашука ў нас. Наўкруга лес, а ў iм ужо развялiся i вiжуюць парцiзанты. Яны, пераадзеўшыся ў нямецкае, нават удзень прыйшлi i заарыштавалi Аўсянiка, што да цябе рабiў у нашай школе. I няхай сцеражэ Бог, каб да цябе чаго-небудзь не мелi.

- Цi ёсць у iх iнтэрас да мяне?

- Гэ, дзетка, — усмiхнулася гаспадыня, нейкiм трохi касаватым вокам агледзеўшы кватарантку, — цяпер бойся кожнага. Вайна. Нiхто нi на каго не зважае. Абы што, так за ружжа i хватаюцца. — I ўскiнула абедзве рукi, нiбы адмахнулася ад сваiх слоў. — Во галава! Я ж не спытала, як жа зваць цябе?

- Леанарда. Баброўская Леанарда.

- Во моднае iмя. Але ж цi дзiва — навучыцелька.

- Чаму ж моднае?

- Не чула я.

- Тады кажэце проста — Лявонка.

- Во гэта iншая рэч, — гаспадыня паглядзела зноў гэтым сваiм касаватым вокам.

- А як жа вас велiчаць? — спытала ўжо яна, кватарантка-навучыцелька.

- Ужо з мяне такая вялiкасць, — нiбы засаромелася i адвярнула галаву гаспадыня. — Ёўда я.

- Во i я першы раз чую такое iмя, — задрыжалi ад смеху пухкiя губкi ў валавокай, прыгожай з твару кватаранткi.

- Яно палескае. А па-тутэйшаму — Аўдоця. Мой нябожчык Iванка, калi рабiў за Польшчаю на чыгунцы, знайшоў мяне ажно за Ганцавiчамi i прывёз сюды, у Косiчы. Во як былоѕ

Цётка Ёўда, накульгваючы на левую нагу i нiбы трохi перавальваючыся на левы бок, падышла да дзвярэй, узялася за клямку, але не адчынiла iх.

- Я кажу — было. Немцы неяк стараною прайшлi ад нас. Толькi потым, ужо ўследа за хронтам тут на хутарах савецкiх байцоў выпорвалi. А з гэтай восенi ўсё пагоршала. Ужо адныя за аднымi палююць: парцiзанты за палiцыянтамi, палiцыянты за парцiзантамi. Свет калоцiцца, як на верацянеѕ

I вось iх пяцёра, першы раз убачаных, стаяць i цяжка, як загнаныя дыхавiчныя конi, сапуць перад ёю, адзiнокаю i бездапаможнаю маладзiцаю. Што ж рабiць ёй, як баранiцца ад iх, неразважных, п'яных i агiдных?

- Ну, рассказывай, — не ўстояў на нагах i пахiснуўся на яе той, што трымаў у руцэ сiнявата-чорны пiсталет.

- Што вам расказваць?

- А с каким заданием фашисты подослали тебя.

- Нiхто мяне нiкуды не падсылаў, — сказала ўжо цвёрда, спадзеючыся яшчэ, што тут выйшла нейкая абмылка. — Я прыехала сама. Уцякала ад нямецкай жандармерыi, што застрэлiла майго мужа.

- Да-да, от имени жандармерии открывать фашистские школы.

- Школа ў нас беларуская.

- Ха-ха, — зарагатаў мурлаты ў пляскатай кепачцы i ў суконным вясковым фрэнчы. — Школа с портретом Гитлера на стенке.

- Дзяцей трэба вучыць.

- Конечно, на немецкий лад.

Iм, мусiць, нiчога не дакажаш. Яны настроiлiся на адно: забiць цi згвалцiць яе. Няўжо той кажан, рыжавата-сухi, як кажурынка, з сабачай мордачкай, што зачапiўся ранiцаю за лату над парогам, прынёс бяду? Леанарда, баючыся яго чапiць, паклiкала тады гаспадыню.

Трымаючы, як у муфце, рукi пад шарым фартухом, старая падышла да парога, прыскалiла одно вока i, паказваючы ў роце чорны дупляны зуб, глухавата, нiбы сама сабе сказала:

- Нешта лiхое яго прыгнала, гэтага кажана.

Старая азiрнулася наўкруга сябе, убачыла пры плоце сухi арэхавы кiй i парнула iм у ржава-сухую кажурынку. Але кажан толькi разявiў сабачую мызу з натапыранымi вушкамi, вышчарыў вострыя зубы i тоненька, як драцiнка, зазвiнеў.

- Во, яшчэ i не ўцякае, нiчыстая сiла, — гаспадыня прыцэлiлася i зноў парнула доўгiм кiем у кажана. Ён нарэшце адарваўся ад латы, нячутна, па-матылiнаму пархнуў i ўлукаткi паляцеў пад стрэху блiзкага гумна.

- Нядобрую ён табе новасць прынёс, — зноў пацвердзiла сваё цётка Ёўда i закiвалася ў хату.

А яна, Леанарда, увесь дзень была як сама не свая. Прыгадвала Наваградак. Тую ноч, калi прайшла павальная аблава — нехта падклаў мiну пад парог дома, дзе кватараваў гебiтскамiсар, але падарваўся ўсяго вартавы. Арыштоўвалi чамусьцi найбольш беларусаў. Шукалi тых, хто калiсьцi палiтыкаваў цi быў на прыкмеце, як падазроны. Хоць яе Франак нi з кiм вельмi i не знаўся.

Але во кажан прынёс новую бяду. Нiбы не хапiла той, што прылучылася ў Наваградку. Праўду ж кажуць: бяда адною не ходзiць. Яны толькi пабралiся, i iм нiбы пашэнцiла: Франак напытаў работу ў транспартным аддзеле гарадской управы, а яе, Леанарду, узялi карэктарам у рэдакцыю павятовай газеты.

Надарылася тым часам зняць i кватэрку — вузкi пакой за дашчанаю перагародкаю ў шарай неабшалёванай хаце заўсёды п'янага балагола — цi не татарына? — i яго рослай, заўсёды пакорна прыгорбленай, як яна сябе называла, — Разалii.

Было яно, гэтае мядовае шчасце, цi не, Леанарда разабрацца не паспела. Бо, можа, не вельмi i любiла наiўнага i, здаецца, яшчэ няспелага як мужчыну свайго Франака. Ёй падабаўся яго таварыш, шыракаплечы з валасатымi рукамi Жэнiк, што працаваў загадчыкам склада ў гандлёвай нямецкай фiрме.

Але ў тую трывожную ноч яна якраз не спала. Сэрца нiбы чула бяду. У двары баязлiва цяўкнуў чуйны гаспадароў сабачка. Ад яго брэху яна заўсёды прачыналася, як i ад Франака, калi ён гарнуў яе да сябе i яго рука шкраблася ў яе мiж ног i нахабна, упарта разводзiла iхѕ

Перапуджана цяўкнуўшы, сабачка больш не аказаўся. Леанарда нават не ведала, што сабакi, як i людзi, баяцца ўзброенага чалавека, — яны, мусiць, чуюць, як пахне гарачаю смерцю настылая руля вiнтоўкi.

Леанарда ўжо не спала — прачнулася ад цяжкага i страшнага сну. Угнуўшы i пагрозлiва набычыўшы чорную голаў з белай зоркай мiж шырока раскiнутых вострых рог, на яе iшоў вялiкi бык з кутасiкам пад шырокiм чэравам. I гэты кутасiк варушыўся.

Яна ўцякала, але ногi адымалiся. Спрабавала крычаць, але голасу не было. А ўбуялы, расовы бык, бушуючы i дзеручы пярэднiм капытом зямлю i кiдаючы яе на сябе, упарта i раз'юшана блiзiўся да Леанарды. Яна нават убачыла яго налiтыя крывёю, вялiкiя, як слiвы, лiлова-сiняватыя вочы. Яна закрычала зноў, але без голасуѕ i прахапiлася.

Дзесьцi ў прыцемку ночы натужна вуркатала ценжароўка — можа, тая, доўгая i чорная, з адсечаным радыятарам i накрытым кузавам, што была пры турме. У фортцы брамы востра дзынкнула жалезная зашчапка. У двары зноў ашалела заскавытаў i ацiх перапуджаны сабачка.

Здаецца, мiльганула, як начная трапяткая маланка, святло кiшаньковага лiхтарыка. Леанарда палахлiва прыгарнулася да Франака, i яго халодная рука настойлiва прасунулася ў мяккае цяпло яе ног. «Дурны», — хацела сказаць, але ўжо не трэба было: у гэты мiг у дзверы моцна i адчайна загрукалi, i каля акна шаргануўся нечы размыты цень. Мусiць, пiльнавалi, каб нiхто не выскачыў праз акно.

Хату адчыняць пайшоў сам гаспадар. I, счакаўшы, у сенях загаварылi то па-нямецку, то па-беларуску. У кватэры пад аранжавым абажурам засвяцiлася слепаватая жароўка-лямпачка. Загрукалi нямецкiя шыпаватыя ботыѕ

Ранiцою яна прыбегла да турмы. Палiцыянт з вузкiмi падбрытымi вусiкамi, што адчынiў быў аконца, хаваючы свае вочы, каротка адсек:

- Тут нiкога не шукайце.

- А дзе ж?

- За кашарамi.

У Леанарды падкасiлiся ногi. За даўнейшымi польскiмi казармамi, дзе цяпер стаяла нямецкая вайсковая часць, у ровiшчах пры горадзе ў першы год расстрэльвалi савецкiх актывiстаў, а ў гэтае жнiўнае лета — набожна пакорных яўрэяў.

Леанарда яшчэ збегала туды, але ўжо блiзка да ямаў, дзе яшчэ ўспыхвалi адзiночныя тупаватыя стрэлы, яе не пусцiла старая жанчына ў чорным, з'едзеным моллю плюшавым каптане, што падпасвала ў прышашэйнай канаве мiгiтлiвую казу:

- Не йдзi туды, маладзiчка. Тут адзiн мужчына быў пайшоў шукаць i напытваць сына i сам не вярнуўся.

У вузенькi завулак з белымi двухпавярховымi мураванкамi, адную з якiх займала рэдакцыя, яна ўжо ледзьве дабрыла.

Нiзенькi, сыта-ружовы рэдактар, прыладжваючы абедзвюма рукамi за вушы свае рэдзенькiя, напамаджаныя валасы, для прылiку толькi паспачуваў:

- Але чым жа ж я вам памагу. Мы ўсе пад памялом.

А потым i падстрашыў:

- Я баюся, каб не арыштавалi i вас.

Як абязвечаная, Леанарда вярнулася ў свой цемнаваты кабiнет, што адным акном выходзiў у заслонены дрэвамi двор, села за столiк насупраць рыжавата-агнiстае машынiсткi, што перастала ляскаць па старэнькiм рэмiнгтоне, i затрасла худзенькiмi плячыма ад нестрыманага плачу.

- Не траць часу, — неяк трохi суха i нiбы абыякава сказала машынiстка. — Зайдзi ў аддзел народнай асветы, да iнспектара. Ён у недалёкую школу напытвае настаўнiкаѕ У Косiчы, здаеццаѕ Перачакай бяду там.

I вось яны, Косiчы, дзе Леанарда хацела знайсцi зацiшак i ўратавацца ад арышту, гвалту, смерцiѕ А перад ёю стаяць пяцёра ўжо гатовых на ўсё страшнае i агiднае дурнавата-п'яных мужчын.

Не дзiва, што сёння ў школу прыйшло менш як напалову дзяцей. Непакою цi чагосьцi таемнага, загадкавага дадала яшчэ бялявая дзяўчынка з другога класа ў доўгай плаценкавай сукенцы з нашытымi ў падоле чырвонымi паскамi i ў зморшчаных скураных хадаках.

Цярплiва стоячы каля стала i пазiраючы з-пад краплiстай хусткi валошкавымi вачыма на Леанарду, яна нарэшце адважылася i спытала:

- Скажыце, панi навучыцелькаѕ

- Цяпер трэба называць мяне грамадзянка настаўнiца, — падказала Леанарда.

- Ага, грамадзянка, — пацёршы кулачком свой нос, паўтарыла бялявая дзяўчынка. — Чаму ўсе кажуць, што не трэба хадзiць у нямецкую школу?

- А хто кажа?

- Не ведаю. Але мы баiмося, што нас могуць пастраляць.

- Хто? — сумелася Леанарда.

- Усе: i немцы, i партызаны.

- А за што ж вас, малых дзяцей? Глупства гэта.

- О, не кажыце так. Бо i вучыцеля вунь забiлi.

Толькi цяпер Леанарда здагадалася, чаго на вочы не паказваўся Iлля. Недзе ўсё туляўся. Значыць, нешта ведаў. Пэўна ж, баяўся, каб не выдаць сябе. I цяпер тулiцца ў парозе, як пабiты сабака. Хаваецца за шырокiя спiны гэтых пяцёх.

- Анутка, Илья, — махнуў чорным, зашчэмленым у руцэ пiсталетам старшы сярод iх. — Напомни ей, какие она немецкие агитки привезла с собой.

- Да, привезла, — зноў нясмела з прыцемку адклiкнуўся вартаўнiк, але на святло газоўкi не выйшаў. — Журналы с портретами всяких геббельсов.

Ах, Божа, гэта ж ён вiжаваў за ёю i ўсё пераказваў iм. Цi ж не яго гэта справа — адзiн украдзены нумар «Новага шляху»? Усiм класам па чарзе яны чыталi з яго апавяданне пра санiтарку.

- Ну, так скажи, кто тебя подослал сюда? — перад ёй зноў махаецца гэты чорны пiсталет.

- Мне даў накiраванне школьны iнспектар.

- Инспектор, говоришь, — той мурлаты, што быў у суконным вясковым фрэнчу, iмгненна выцягнуў з вiнтоўкi чорны востры шомпал.

Але яго перапынiў ён, старшы:

- Постой маленько. Она нужна нам чистенькаяѕ

Аднак шомпал раз'юшана свiснуў над ёю. Як ад удару перуна, яна заплюшчыла вочы. I ёй убачыўся той высокi пагодны дзень бабiнага лета, калi яна на спадарожнай фурманцы ехала сюды з сваiм невялiкiм пажыткам — плеценаю карзiнаю. Дарэчы, вёз яе не абы-хто, а тутэйшы багатыр, саракагадовы ўсмалелы, як корч, гарбаносы i чорны, як корч, з навiслымi бровамi i сiнiмi хiтрымi вочкамi Гервас Сапега.

Памогшы ёй з карзiнаю i пасадзiўшы поруч з собою ў фацэтную, з прэтэнзiяй на нейкае шляхецтва, рысорную брычку, ён адразу i назваўся:

- Гервас буду, а па прозвiшчы — Сапега. — Махнуўшы выгiнастымi прыгожымi вейкамi, ён неяк сарамяжа заплюшчыўся, а потым раскацiста зарагатаў: — Кажуць, знакамiтая княжацкая фамiлiя. А тут, наўкруга нашых Косiчаў, яе носiць столькi галадранцаў, што i не злiчыць.

Пад'ехаўшы да самае школы, што была ўпрытык з управаю — прыгожым драўляным домам пад нямецкi вугал, крытым дранiцаю i з прычолкам, падпёртым дзвюма выштукаванымi калонамi, нечакана запрапанаваў:

- А можа, паедзем да мяне? Хата вялiкая, на два канцы. Не раўня гэтай школцы.

Зазiрнуў у вочы i вялiкаю жорсткаю далоняю злавiў яе руку:

- Мне гаспадыня патрэбна.

- А што вы кажаце, дзядзька?

- Во, яшчэ i дзядзькам называе, а я — нежанаты.

- Даруйце, як вас па бацьку? — сумелася Леанарда.

- Бацьку Цiмохам называлi, — ён неяк паволi, нiбы не хочучы, зняў з брычкi яе плеценую карзiну i паставiў на зялёную мураву каля шырокае сцежкi. — Я чалавек адкрыты, прызнаюся. Адчыняю ў горадзе краму. Буду гандляваць шапкамi. Мы аднога жыдка-краўца прыхавалi. Ён ужо iх шые. Мне патрэбны граматны супольнiк цi памочнiк. А што ваша школка? Цi пратрывае да зiмы. Тут партызаны ўсё спрытком паляць — i ўправы, i школы. Што нi ноч, то пажар. Вунь колькi ўжо згарэла двароў i фальваркаў.

- А як жа дзецi? Без навукi? Не, буду трымацца школы.

- Дарма даяце ганьбу майму дому. Я ж платы не вазьму. А ў мяне i садок, i пчалярняѕ

Яго рысорная брычка доўга i, здаецца, зласнавата падлясквала на ружовым выбоiстым бруку вулiцы.

А назаўтра, знайшоўшы нейкую зачэпку, зазiрнуў да гаспадынi. Потым i яе, Леанарду, перастрэў на падворку. Нацягваючы яшчэ нiжэй барашкавы каўпак i пiльна азiраючы яе сiнiмi быстрымi вочкамi, загаварыў:

- Еду ў горад. Можаце што заказаць. Сахарыну, нiткi, iголкiѕ

- Ой, што вы, дзякую, нiчога покуль не трэба, — як магла аднеквалася Леанарда.

Яго жаўтлявая вялiкая рука тым часам пакапашылася ў адтапыранай кiшэнi шарага ў клетку пiнжака i выцягнула колькi цёплых, мусiць, толькi з печы, падсушаных груш.

- Цукровыя, — падказаў Гервас i, варухнуўшы чорнымi навiслымi бровамi, цераз парог у сенi падаў iх старой Ёўдзе.

- О, дагаджае вам, — смяялася i паказвала чорную шчарбiну ў роце ўедлiвая старая.

- Кiнь перад сабою, знойдзеш за сабою, — трапна, слова на слова адказваў хiтраваты Гервас.

А потым, нiбы незнарок, уцягнуўся да яе ў баковачку, агледзеў адзiн табурэцiк, налёгшы на яго, праверыў, цi моцны i стойкi, i ўжо папрасiў:

- Я з вашага дазволу прысяду?

- Садзiцеся, што ўжо зробiш з вамi.

Зняўшы з чорнай густой чупрыны, што ўжо iскрылася першай сiвiзною, свой барашкавы каўпак, загаварыў:

- Я ж вам ужо казаў, што хачу мець пры сабе пiсьменнага чалавека. Знаюся ў арыхметыцы, але з драбямi рэч благая.

- I што пры вас буду рабiць я?

- Памагаць у рахунках.

- I не болей? — з'едлiва ўсмiхнулася тады яна.

- А калi прыгледзецца адзiн да аднаго, тоѕ

- Ну, дагаворвайце.

- А хiба вы ўжо не здагадваецеся?

- Не вельмi, бо намёкаў шмат.

- Прызнаюся, шкада мне вас, маладзенькую.

- Нешта страшыце, цi што?

- У страха, як кажуць, вочы вялiкiяѕ Бо наўкруга столькi брыды. I на вас, адзiнокую i харошую з твару, кожны спакусiцца.

- Во пра што вы загаварылi.

- Не ласкавая вы нешта са мною, — ён зарыпеў табурэтам, падняўся з яго. У парозе яшчэ сказаў: — А я вам хачу дапамагчы i заступiцца.

Хiтраваты i трохi як нахабны Гервас гаварыў праўду — як на тое iдзе: яны, гэтыя пяцёра п'яных начных гасцей, будуць дамагацца яе. Яна ўжо адчувае, як прагна гараць iх асалавелыя з шкляным водблiскам вочы, як яны раз'юшана дыхаюць.

I яна, трацячы над сабою ўладу, ужо крыкнула iм у чырвоныя, налiтыя крывёю твары:

- Што вам трэба ад мяне?

- А разве не знаешь, что мужикам надо?..

- Пайшоў вон, брыда! — крыкнула яна таму рыжаватаму, у пiлотцы, што высунуўся наперад i намагаўся схапiць яе за руку.

- Слушай, Шубин, — закамандаваў старшы. — Сделай кляп и закрой ей хайло.

Леанарда забегла за стол, нiбы ён мог яе ўратаваць. Але сюды ўладна ступiў стрыжаны пад нулёўку, на галаве ў якога шырока разлезлася злiнялая пiлотка з чырвонай, аблушчанай на адным куце зоркай.

Ён i схапiў Леанарду за грудкi, моцна, да болю, рвучы на ёй летнi халацiк. Яна нават не паспела апомнiцца, як бразнулася плячмi ўпоперак ложка. Леанарда закрычала зноў, але яе дыханне перахапiла ўваткнутая ў рот гаркаватая ад тытунёвай пацярухi анучка, што была ў некага з iх замiж насоўкi.

- Илюха, давай, первым пойдёшь? — нечыя халодныя дужыя рукi схапiлi яе за аголеныя каленi i пачалi iх разводзiць. Яна сiлiлася стулiць iх, але не магла.

- Илюха, не трусь, целина у неё уже вспахана, — нехта душыўся ад рогату з прадчуваннем блiзкае асалоды.

- Ты что, плачешь?

- Ну, это от радости, — рассцёгваючы дрыготкiмi рукамi рэмень i пазвоньваючы спражкай, крычаў той, што апошнiм станавiўся ў калейку.

- А вон, смотри, Ильюшка сгорел.

- Ха-ха! В одном шаге от счастья.

«Якая пакутлiвая, якая здзеклiвая i нечалавечая смерць у мяне», — яшчэ падумала Леанарда, сiлячыся супрацiўляцца таму, што гэтыя пяцёра пачыналi чынiць над ёю. Пасля ўжо, знясiленая, ледзьве памятная, учула, як першы ўдар штыка палыхнуў нiжэй жывата, а потым яшчэ адзiн, гарачы, як агонь, нiбы дзеля збаўлення ад доўгiх мук, знайшоў яе сэрцаѕ

Старая Ёўда прачнулася ад першага стуку ў суседняе акно. Падумала адразу пра благое. Гэтаксама i ў гэтакую пору стукалi тады, калi забiралi нядаўняга кватаранта, прыгожага рослага мужчыну з бародкаю i ў скураной карычневай куртцы, што толькi i паспеў парабiць у школе не больш як месяц. I на табе, прыйшлi па яе, цiхенькую, прываблiвую i адзiнокую маладзiцу.

Спешна, блытаючыся ад страху i перадрагi ў спаднiцы, старая праз голаў нарэшце нацягнула яе, знайшла на бiле ложка кофту. Косы слупок мройнага, вадзянiстага святла ляжаў на стале — месяц, набраўшы вышыню, пераходзiў на другi бок хаты. Старая, адшморгнуўшы фiранку, прыпала да халоднай шыбы. На вулiцы пры плоце цямнела фурманка. Нехта нецярплiва i размашыста расходжваў каля каня. За сцяною ў бакоўцы чулiся глухаватыя неразборлiвыя галасы, цяжкае i невядомае грукатанне, нiбы хто падаў.

Тады, як арыштоўвалi кватаранта, такога грукату не было — забiралi яго сцiшком, нiбы крадучыся.

Ах, Божа святы, што робiцца там? Што чыняць яны над безабароннаю маладзiцаю? У яе i так ледзьве лiпiць душа. Можа, рашыцца на ўсё i збегаць паглядзець? Але ж цi будуць гэтыя злыднi зважаць на тваю старасць. Заб'юць цi ўкалечаць — i не знайся.

Ёўда, як сама не свая, як адрашоная, пасядзела на лаве пры акне, а потым рашуча ссунулася i парыўна падышла да дзвярэй, нацiснула на язычок клямкi i з усяе моцы папхнула iх. Яны, нямазаныя колькi гадоў, моцна i ржава зарыпелi на петлях. Ажно ў яе ад страху перахапiла дых i прапала раптоўная гарачая рашучасць.

Неўзабаве на падворак выкацiўся сыты рогат. Цэлаю плоймаю, несучы за плячыма страхатлiвыя вiнтоўкi, яны, нехрысцi, iшлi да фурманкi.

Старая вярнулася да лавы, прыкленчыла на яе адною нагою i зноў лобам ткнулася ў халодную шыбу.

Загрукацеўшы коламi, фурманка нарэшце знiкла ў сутоках вулiцы.

Вобмельгам выскачыўшы з хаты, старая Ёўда абабегла яе i спынiлася каля дзвярэй бакоўкi. Наўкруга шапаткiм звонам сыпалася цiшыня, i старая адно чула, як тахкае i разрываецца яе сэрца. Яна пастукала ў зачыненыя дзверы, але за iмi нiхто не адклiкаўся. «А можа, забралi яе, як таго кватаранта?» — старая пацягнула за клямку i ў зеленаватым месячным святле на ложку ўбачыла белае цела. Леанарда лежала ўпоперак ложка, бездапаможна звесiўшы на падлогу аголеныя ногi.

У бакоўцы пахла газаю, але газоўка ўжо не гарэла.

- Лёнька, Лявонка! — закрычала старая, трасучы яшчэ цёплую, але ўжо маўклiвую Леанарду.

Нахiлiўшыся блiжай над мёртвым целам, старая нарэшце ўбачыла анучу ў роце i на абедзвюх грудзях чорныя, мусiць ад штыка, ранкi. Адна з iх, як у Хрыста на абразах, была з падцёкам крывi нiжэй карычневага зморшчанага саска. Як здагадалася старая, штык прыйшоўся якраз у сэрца.

Ёўда дзiка, адчайна заенчыла, асунулася на каленкi i пачала хрысцiцца.

див. також: КНIГI-ПОШТАЙ, www.knihi.net , exlibris@tut.by

Догори

Перейти до статей теми: