Автор   Стаття 
Статті Бриколаж  —  Чорні лиця, білі маски  —  Расейская кунсткамера (біл.мовою)
Адам Глобус
Дата публікації 23 березня 2005 р.
Расейская кунсткамера (біл.мовою)

Мало хто візьметься за цю невдячну і малофінансовану роботу. Розвінчання канонічних для колонізованої свідомості персонажів і сюжетів актуальне як ніколи, в Білорусії і Україні, якщо ми хочемо повернутися до наших „phenomen-ів”, цих незагиджених метаідентичною пропагандою свідомісних станів. Антиколоніальні тексти і досі рідкість, тому читайте один із них перфектною у своїй екзальтації такою українською - білоруською мовою.

Аненскі . Некалі эсэіст Леў Аненскі працаваў у каланіяльным (азначэнне Паршчыкава) часопісе «Дружба народов». Каб ведаць народы не толькі па тэкстах, ён шмат ездзіў па СССР і прыдумаў досыць універсальную сістэму формулаў. Хто як корміць гасцей? Рускі: “Ты еш, еш. Ну, што ты не ясі? Выпі і закусвай”. Беларус: “Маці, пастаў госцю на стол, і пайшлі, хай чалавек паесць”.

Ахмадуліна .Ахмадуліна – бляклы цень Ахматавай.

Баргузін . Нацыянальная палітыка Рсейскай імперыі вызначалася выключным цынізмам. Пачытаўшы расейскія падручнікі гісторыі, можна лёгка ў гэтым пераканацца. Захопніцкія войны, на думку расейскіх настаўнікаў, вяліся выключна ў інтарэсах заваяваных народаў, якім Расея несла культуру і асвету. Якую культуру расейскі заваёўнік мог прыесці ў Літву ці Фіняндыю ў 1940-м, у Вугоршчыну ў 1956-м, у Чэхію ў 1968-м? Ніякай. Усё, што тычыцца нацыянальнага пытання, у расейскіх навучальных установах падаецца блытана, цьмяна і непраўдзіва. А таму не раз і не два я чуў на розных тэлевіктарынах адно і тое ж пытанне: “Хто такі або што такое баргузін?” І расейскі чалавек “нічтоже сумняшеся” адказваў, што гэта чалавек баргузінскай нацыянальнасці. І рэч не ў пытанні пра вецер баргузін, які развявае ветразь над Байкалам. А ў адказе, які паўтараецца з віктарыны ў віктарыну і які ёсць заканамерным вынікам расейскай нацыянальнай палітыкі, згодна з якой ёсць вялікія нацыі, а ёсць народнасці трэцяга гатунку, пра якія і ведаць няварта.

Бруд . Сын Мікола з’ездзіў на дзень у Маскву. “Яны там усе брудныя, галодныя, злыя”, - пра масквічоў. А я ўжо і не заўважаю гэтага, прывык, пэўна. Міколавы ўражанні пераказаў Сашы Дынько. А яна кажа, што і сапраўды брудныя, галодныя, злыя.

Бунін . З расейскіх літаратараў ХХ стагоддзя самы ясны і зразумелы для мяне – Іван Бунін. А тое, што Аляксандр Блок напісаў, нібыта ў Буніна ёсць толькі адзін варты згадкі вершык “Хрыстос”, пад увагу не бяру. Блок, як вядома, выключны лірык, а Бунін – літаратар. Ягоная дзённікавая кніжка «Окаянные дни» нарэшце паказала ўсяму свету, наколькі жахлівы, хаатычны, бессэнсоўны рускі бунт. Толькі не верш “Хрыстос”, які я вывучаў напамяць у юнацтве, а эратычныя апавяданні са зборніка “Цёмныя прысады” выклікаюць у мяне захапленне. Многія называлі іназываюць Буніна парнаграфістам. Але, калі Бунін парнограф, дык тады эротыкі ў рускай літаратуры не існуе наогул.

Вазнясенскі . Пад Барселонаю, у Січазе пад час карнавалу, у натоўпе я апынуўся побач з паэтам Андрэем Вазнясенскім. Той глядзеў у вітрыну і гаварыў да старой кабеты: “Сорак баксаў. Паглядзі… Гэтая драбяза каштуе сорак баксаў!!!”

Высоцкі . Ніколі не любіў і не палюблю песні Ўладзіміра Высоцкага, але процьму ягоных твораў ведаю напамяць. Высоцкі – яскравы феномен масавае свядомасці, які жыве ў нас незалежна ад нашага жадання.

Галяўкін і Хармс . Галяўкін-Халяўкін. Ёсць у расейцаў і такі мастак-апавядальнік, як Віктар Галяўкін. Каб Хармс не верыў у Бога, каб Хармс любіў дзяцей, каб Хармс не ладзіў філасофскіх дыспутаў, быў бы ён Галяўкіным – добрым, ціхім і малацікавым.

Гогаль . Міф пра веліч Расеі існуе дзякуючы Гогалю. Памятаеш, у “Мёртвых душах” ёсць чыста расейскае філасафаванне пра слана: калі б слон нарадзіўся з яйка, якая была б шкарлупіна, з гарматы не прабіў бы! Служка д’ябла Вій гэтаксама ўражвае памерамі, павекі ягоныя падымаюць некалькі чартоў. Была ў Гогаля мара: сабраць на адной вуліцы ўсе шэдэўры сусьветнай архітэктуры, ад егіпецкіх пірамідаў да кёльнскага сабору. Была б вуліца, я табе скажу, Нерон з Гітлерам ад зайздрасці паздыхалі б. Ну і апагеем нечалавечых маштабаў з’яўляецца апісанне Дняпра, дзе Мікалай Васілевіч кажа, што не кожная птушка даляціць да сярэдзіны рэчкі. Вядома, курыца не даляціць, і ставус таксама. А наагул птушкі птушкі пералятаюць не толькі рэчкі з азёрамі, а й моры. Але тут важная не якасць птушкі, а памеры Дняпра, ягоная веліч. Так малююць веліч усёй Расеі, як тады, так і цяпер.

Гогаль . У Карлавых Варах я пасяліўся ў досыць прыстойным санаторыі. Пастаяльцы – людзі збольшага выхаваныя і ветлівыя. Гаспадары, чэхі, сустрэлі мяне гасцінна. Усё цякло прыстойна, як у рамане Германа Гесэ “Курортнік”. І раптам я заўважыў жанчыну з тварам гогалеўскага Сабакевіча. Давялося тры разы плюнуць цераз левае плячо, каб навалач знікла. Не знікла. У рэстарацыі я спаткаў мужчыну з абліччам Каробачкі, які па-расейску размаўляў з казахамі. Раскормленыя да амерыканскіх памераў казахі гаварылі на такім расейскім дыялекце, што нават Мікалай Васілевіч не аднавіў бы на паперы. Яны абгрызалі словы пад самы корань. Паступова ў кожным расейцу, казаху і немцу я пачаў шукаць рысы гогалеўскіх вобразаў і з лёгкасцю знаходзіў. Прычына неверагоднай лёгкасці знайшлася таксама: у доме, дзе я пасяліўся, сам Гогаль жыў у 1845 годзе.

Горкі і Цютчаў . Пралетарскі літаратар Максім Горкі напісаў такі радок: “Вар’яцтву смелых пяем мы песню!” У гэтых словах – уся непрасветленасць Расеі, якую, на думку паэта-цэнзара – Хведара Цютчава, “розумам не зразумець, аршынам агульным не памераць”.

Дастаеўскі . У сваіх “Словах пігмея” Акутавага Руноскэ напісаў пра Фёдара Міхайлавіча наступнае: “Раманы Дастаеўскага поўняцца карыкатурнымі вобразамі. Праўда, большасць з іх прымушае маркоціцца і самога д’ябла”. Японцу вобразы Дастаеўскага падаліся карыкатурнымі, насамрэч жа выродлівасць у Дастаеўскага рэалістычная, звычайная расейская.

Дастаеўскі . Чорны рэаліст Дастаеўскі хварэў на азарт. Але не шанцавала Хведару Міхайлавічу, і ў швайцарскім казіно ён прайграў 2000 рублёў золатам. Спехам пазычыў грошы на дарогу і ўцёк у Санкт-Пецярбург. Доўг расейскага літаратара і дагэтуль не сплочаны. Не любяць расейцы вяртаць грошы. Браць любяць, красці любяць, а вяртаць – не.

Даўлатаў . Тое, што Расея брудная і засмечаная, ведаюць усе. Але чаму так? Вось вам прыклад: “Выносіў я аднаго разу бачок са смеццем. Змерз. Вывернуў яго метры за тры ад памыйкі. Хвілін праз пятнаццаць да нас уваліўся дворнік. Учыніў гвалт. Высветлілася, што ён па смеццю лёгка вызначае жыльцоў і нумар кватэры…” – Гэты запіс зрабіў расейскі інтэлігент Сяргей Даўлатаў. Што казаць пра іншых жыльцоў Расеі?

Дугін . У анатацыі да двухтомніка Дугіна “Расейская рэч” напісана, што ён найбуйнейшы расейскі мысляр сучаснасці. Трэба пачытаць. Пачытаў: ”Хай бурацца сэрцы і стогнуць пад нашай пятою блізляжашчыя народы”. Ніцшэ! Ні больш ні менш. Толькі няма вакол Расеі “блізляжашчых”, бо ўсе ўжо “блізстаяшчыя”. Яшчэ… Калі ў Ніцшэ ў цэнтры сусвету звышчалавек – бялявая бестыя, дык у Дугіна – смярдзючы труп расейскага салдата.

Ерафееў . Віктар Ерафееў (не блытаць з Венечкам) літкрытык, і, як кожнаму літкрэтыну, яму ведама, пра што трэба пісаць у белетрыстычных творах. Ён папісвае, я пачытваю… “Расея гарыць ад фармальнай рэлігійнасці”. Трапна. “Ці хачу я, каб Расея распалася на кавалкі? Каб Татарыя адлучылася ад Мардовіі? Каб Волга высахла? Каб сутарга прайшла па Сібіры? Каб скончыўся балаган? Хачу! Хачу!” І я не супраць, і я хачу. “Расейскі народ чымсьці ўразліва не ўнікальны. Ён падобны да іншых архаічных народаў Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі сваёй набліжанасцю да жывёльнага свету”. Люблю жывёл. Расейскі народ не ўнікальны, але і ад цнатлівай прыроды далёкі. “Што стане з Расеяй, калі яна закоціцца? Што рабіць з гэтым вялізным гнілым трупам? Прысыпаць гашанай вапнаю”. Можна вапнаю. Лепей зямлёю. “Трэба аддзяліць расейцаў ад Расеі. Расея гаўнісцейшая за расейцаў”. Ну, няпраўда. Расейцы гаўнюкі яшчэ тыя. Яны і ў Амерыцы гаўнюкі, і ў Францыі. “Расейцы – самыя сапраўдныя паразіты”. Вядома! Хто супраць? “Расейцам не трэба даваць занадта многа адукацыі. Дастаткова царкоўнапрыходскіх школак. Не трэба выпускаць за мяжу. Свалата мусіць сядзець дома”. Не трэба дык не трэба, але свалата мусіць сядзець у турме. Зрэшты, яна там і сядзіць. Расея заўсёды была турмою народаў, у тым ліку і расейскага. “Расея мяне загрызла канчаткова. Божа, як надакучыла! Яна сера па нагах. Яна сера. Мы серам”. Засранцы, лепш не скажаш. “У Расеі можна пражыць толькі на хлусні, не вылучаючы гуманістычную хлусню інтэлегенцыі”. Праўда, чыстая праўда, як праўда і тое, што Расея “гістарычна “нячэсная” краіна”. “Краіна вечнага рамонту. Тутака ўсё так падгніло, не паспеўшы саспець, што, за што ні вазьміся, каб зрабіць рамонт, трэба пачынаць спачатку, а лепш за ўсё і зусім не пачынаць”. І гэта пра Расею-маці. А вось і кантрапункт: “Я люблю расейцаў. Я вельмі люблю расейцаў. Проста як Ясенін”.

Еўтушэнка . Калі ў расейскую паэзію прыйшло пакаленне мэтамэтафарыстаў – Жданаў, Паршчыкаў, Яроменка – Яўген Еўтушэнка, вялікі знаўца кан’юнктуры, вырашыў прымазацца да новых зорак і прыйшоў весці паэтычную вечарыну. Ён досыць маляўніча прадставіў Яроменку і даў яму слова, але Сашка слова не ўзяў і нават з крэсла не ўстаў. Ён гучна на ўсю залю сказаў: «Хадзі сюды, я табе ўрэжу!» Еўтушэнка ўцёк.

Зялёнка . У расейскіх салдатаў на чачэнскай вайне ёсць выраз “пайшла зялёнка”, тож бо зазелянелі горныя лясы, і не відаць, як змяняюць дыслакацыю ісламскія баевікі. Супраць гэтага выразу выступіў рэжысёр маскоўскага тэатру “На Таганцы” Любімаў. Ён расказваў пра цудоўную пару году – вясну, пра паэтычнасць часу, калі на галінках распускаюцца пупышкі і ўзнікаюць першыя пяшчотныя пялёсткі лісточкаў. “А тут, б-дзь, зялёнка пайшла! Якая зялёнка? Хіба так можна? Нейкі жах!” – абураўся тэатральны генерал. Сапраўды жах. Паводле звестак ангельцаў, у Ічкерыі на кожнага ічкерыйца прыпадае федэральны вайсковец. Неразумная прапорцыя, калі слова розум можна стасаваць да ваеннай сітуацыі. Але называць вайною тое, што дзеецца на Казказе, я не магу. Там ідзе бойка, паганая звалка ў п’яным чадзе і наркатычным дурмане. “Работалі на гранатах, а потым нажамі і зубамі”, - так распавядае малады федэрал пра лясны, у зялёнцы, бой. Хіба гэта вайна, калі людзі грызуць людзей? Для мяне ў каўказскіх падзеях ёсць яшчэ адна драматычная акалічнасць: я не магу стаць ні на адзін з бакоў канфлікту. Я не прымаю барбарства, у якім жылі і жывуць чачэнцы, з рабамі, з публічнымі расстрэламі, з рэлігійным фанатызмам. Я не разумею федэралаў, якія вырашылі за ўсякую цану вырваць перамогу на Каўказе. Я не ўспрымаю пафасу культурнага генерала Любімава, які не разумее, што выраз “зялёнка пайшла” мае шмат сэнсаў. І ёсць не толькі зялёнка пяшчотных лісточкаў, а ёсць і тая, што прадаецца ў аптэках. Яе нельга выпіць, яе медыцынскі спірт. І ёй вельмі добра апрацоўваць раны на скуры. Разам з зялёнкаю на гарах пайшла зялёнка па расейскай і чачэнскай скуры. І дзякаваць Богу, што ёсць аптэчная зялёнка, якая выдатна гоіць раны.

Іванаў . Карціна-монстар Аляксандра Іванава “З’яўленне Хрыста да народу”, напісаная для храма Хрыста-Збаўцы ў Маскве, каштавала імператарскаму бюджэту дзесяць тысячаў рублёў – грошы велізарныя па тым часе. Іванаў пакрыўдзіўся, бо за другую карціну-монстра “Медны змій” пэндзля акадэміка Бруні цар выклаў на дваццаць тысячаў болей. Я пагаджаюся з ацэнкай імператара. Бруні прагматычна абраў, кажучы сучаснай моваю, чыста галівудскі шлях – намаляваў карціну-катастрофу з фантастычнымі элементамі. Падобныя катастрофы ў мастацтве заўсёды карыстаюцца попытам у гледача. “Дзявяты вал” Айвазяна, “Апошні дзень Пампеі” Брулова і “Медны змій” Бруні хоць бы палохалі гледачоў. А што “З’яўленне”, на якім няма ніякага з’яўлення, а ёсць апранутая асоба мужчынскага полу, якая нібыта ідзе да паўапранутых асобаў мужчынскага полу, застыглых у ненатуральных гіпсавых позах? Сумна. Не кранае.

Іскандэр . У доме творчасці Фазілю Іскандэру дастаўся нумар без тэлевізара. Усчаўся вэрхал. Заўгас прытарабаніў з дому ўласны тэлевізар. Вёз ён яго ў дзіцячай калясцы.

Ключэўскі . Можна сказаць: руская мова і французская мова. Можна сказаць: французскі розум, але пра рускі так не скажаш. Рускі дух, руская смякалка, руская хітрасць… Толькі не розум. Рабіць такія заявы досыць небяспечна, таму знаходжу сабе падтрымку ў выказванні гісторыка Ключэўскага: разумны рускі – гэта дурань, набіты чужымі думкамі.

Купрын . Расейскі белетрыст Аляксандр Купрын, якога ніяк не папракнеш у суб’ектыўнасці ці нелюбові да Расеі, у нарысе “Крышку Фінляндыі” апісвае карціну ў найсапраўднейшым расейскім жанры: “Памятаю, гадоў пяць таму мне давялося з пісьменнікамі Буніным і Фёдаравым прыехаць на адзін дзень у Іматру. Назад мы вярталіся позна ўночы. Аб адзінаццатай цягнік спыніўся на станцыі Антрэа, і мы выйшлі перакусіць (далей Купрын апісвае фінскія прысмакі і тое, што расейскія сэрцы былі агаломшаны ежаю. – А. Г.)

А калі мы вярталіся ў вагон, нас чакала цудоўная карцінка ў сапраўды расейскім жанры.

Справа ў тым, што з намі ехалі два падрадчыкі па каменных работах. Усім вядомы гэты тып кулака з Мішчэўскага ўезду Калужскай губерні: шырокая, сальная, скуластая чырвоная морда, рыжыя валасы, што віюцца з-пад картуза, рэдзенькая барадзёнка, лядачы погляд, вера ў Бога на пяціалтынны, гарачы патрыятызм і нянавісць да ўсяго нерасейскага – адным словам, добра знаёмы сапраўды расейскі твар.

Трэ было паслухаць, як яны здзекваліся з бедных фінаў!

Вось дурні дык дурні. Бо такія балваны, чорт іх ведае! Ды я, калі падлічыць, на тры рублі і сем грывен з’еў у іх, у шэльмаў… (а плаціў за шведскі стол толькі адзін рубель з драбязой. – А. Г.) Эх, навалач! Мала іх б’юць, сукіных сыноў! Адно слова – чухонцы.

А другі падхапіў, душачыся ад смеху:

А я… знарок шклянку кокнуў, а потым узяў і ў рыбіну плюнуў…

Так іх і трэба, свалату!

У гэтай сапраўды расейскай карціне больш за ўсё мяне засмучае тое, што апляваную рыбіну з’елі Купрын з Буніным і Фёдаравым.

Ленін . Якім нікчэмным, спарахнелым, маразматычным выглядае сягоння расейскі імперыялізм. Расейскія палітыкі ездзяць па так званым “блізкім замежжы” і ўгаворваюць чыноўнікаў розных рангаў прывесці свае народы назад у імперыю. У іх знаходзіцца толькі адзін аргумент: мы ж столькі гадоў пражылі разам у адной дзяржаве. Сапраўды пражылі, але не разам, а побач, бо шлюб быў гвалтоўны. А пакінуць гэтую “турму народаў, як трапна азначыў правадыр сусветнага пралетарыяту Ўльянаў-Ленін, хацелі ўсе народнасці, нацыянальнасці, народы і нацыі. Яны жадалі выйсці з Расеі з таго самага імгнення, як апынуліся ў ёй. Расейскія імперыялісты ўсё яшчэ вераць у сваё адраджэнне. Дарма.

Лермантаў . Ёсць у расейцаў устойлівае словазлучэнне руская лазня. Пра тую лазню напісана безліч прозы з вершамі вялікімі Талстымі, наздымана кінасцэнаў рознымі Міхалковымі, панамалёвана карцінаў усялякімі Кустодзіевымі. Руская лазня – аб’ект культавы ў расейскай свядомасці, без усялякіх перабольшанняў. Таму рускі чалавек мусіць любіць сваю лазню і хадзіць чысты. А тут не так, лазню ён любіць, а ходзіць брудны. Адна знаёмая неяк між іншым сказала пра свайго мужа: чытаць ён мала чытае, а кніжкі любіць. Дык вось любімы паэт рускага народу напісаў у адной са сваіх кніжак такія словы: “Бывай, нямытая Расея, краіна панства і рабоў…” Вельмі слушна заўважыў М. Ю. Лермантаў пра нямытасць сваіх суайчыннікаў, якія калі й сходзяць у лазню, дык пасля панапіваюцца і ў гразі выкачаюцца.

Лімонаў . Порнабелетрыст Эдзік Лімонаў – чалавек сквапны. Каб узяць у яго інтэрв’ю, журналістцы Лісіцкай давялося паабяцаць яму мегафон. Эдзіку на мітынгу трэба выступаць, а мегафона няма. Лісіцкая, дзеўка абароцістая, дастала мегафон. Толькі ён, гад не працаваў. Дзве гадзіны рамантавалі і не далі рады. Нарцысіст Лімонаў даў інтэрв’ю бясплатна. Слабак.

Малевіч . Калі што і прызнаецца ў свеце з расейскага выяўленчага мастацтва, дык гэта авангард дзесятых – пачатку трыццатых гадоў ХХ стагоддзя. Палотны Кандзінскага, Татліна, Родчанкі выстаўленыя ў найлепшых галерэях свету. Яны бясспрэчна вартыя самага пільнага вывучэння, найгрунтоўнейшых даследаванняў і ўрачыстых шанаванняў. Расейскі рэвалюцыйны авангард канцэнтруецца ў адной найвыбітнейшай асобе Казіміра Малевіча. Чытаючы ягоныя лісты, я знайшоў той факт, што Малевіч, пераправіўшы большасць сваіх твораў у Нямеччыну, прасіў напрамілы Бог не вяртаць іх у Расею. Таму робіцца зразумелым, чаму найлепшы збор твораў супрэматыста Малевіча знаходзіцца ў Галандыі. Казімір Малевіч быў празорцам. Не верыў, што ў Расеі ўсталюецца цывілізаванае грамадства. Лізаблюды, што яшчэ ўчора вылізвалі партрэцікі цароў, пачалі старанна вылізваць морды ленінаў, варашылавых і сталінаў. Традыцыя працягваецца: учорашнія атэісты малююць царкоўныя абразы. У адрозненне ад бесхрыбетных хамелеонаў, Малевіч быў наскрозь ідэалагізаваны адной вялікай ідэяю абнаўлення свету, а свет Расеі застаўся нязменны – ні чорны, ні белы, ні чырвоны, а балотнага колеру.

Маркава . “Вялікая руская перакладчыца” – так было напісана пра Веру Маркаву ў анатацыі да кнігі Сэй-Сёнагон “Нататкі каля ўзгалоўя”. Незвыклае словазлучэнне запомнілася. Тым больш, што, чытаючы Басё, Іса, Бусона, Такубоку і Сэй Сёнагон у перакладах Маркавай, я ўяўляў не Японію, а Беларусь. А сказаўшы пра гэта Веры Мікалаеўне, якая нарадзілася ў Мінску, пачуў наступнае: “Самае дарагое, што ў мяне засталося з дзяцінства, гэта ўспамін пра вербы над Свіслаччу”. Чытаю й перачытваю: На смерть маленького сына

О мой ловец стрекоз! Куда в неведомой стране Ты ныне забежал?

Чыста беларускі верш.

Мартынаў і Дантэс . Лермантаў і Пушкін загінулі на дуэлях. Пушкіна смяротна параніў Дантэс, а Лермантава застрэліў Мартынаў. Факты. Мартынаў пражыў доўгае жыццё і рабіў некалькі спробаў напісаць тлумачэнне фатальнай падзеі. Пачынаў ён нібыта са шкадавання, а потым рабіўся злы. Тэксты не скончаныя, абрываюцца нечакана. З гэтага вынікае, што, калі б Лермантаў выжыў і зноў назваў Мартынава мартышкай, той зноў бы страляў у крыўдзіцеля. Дантэс, наколькі вядома, не пакінуў ніякіх пакаянняў, забіў “светач рускай паэзіі” і забіў. І што асабліва засмучае ў праявах неміласэрнага лёсу: ні Мартынава, ні Дантэса нельга параўнаць з легендарным Сальеры, які так міфалагічна атруціў Моцарта. А тут – пошлая бытавуха і дзіцячыя крыўды. І Лермантаў, і Пушкін загінулі бяздарна, а доказы гэтага – Мартынаў і Дантэс.

Міхалкоў . Кінарэжысёр Мікіта Міхалкоў прыехаў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут з выступленнем. Кінуў палітон на крэсла ў рэктараце, зайшоў у залю і, хутка прайшоўшы між радоў, заскочыў на сцэну. Скачок узрадаваў. А вось развагі пра геніяльнасць мастака Фядотава мяне расчаравалі. Зрэшты, кінафільм “Абломаў”, пабудаваны на варыяцыях палотнаў Фядотава, на мой погляд – адна з лепшых прац Міхалкова. Геніяльнасць ганчароўскага, чыста рускага вобраза – памешчыка Абломава выцягнула з пасрэднасці Фядотава і Міхалкова. Што ні кажы, а сцэнар у кіно – аснова асноваў.

Паршчыкаў . Паэт Аляксей Паршчыкаў напісаў радок: “Мора – гэта звалка веласіпедных рулёў”. Нечаканае параўнанне. І цяпер, гледзячы на мора, што пачынае хвалявацца, я бачу гэтую бліскучую звалку рулёў.

Прышвін . Раздражняе расейская самасць. Мы самыя вялікія, мы самыя няшчасныя. Мы ўтапілі самы вялікі падводны човен, у нас згарэла самая высокая вежа, у нас самыя жорсткія тэрарысты… З любой трагедыі робіцца выключная з’ява. Суцэльны самападман пануе ў расейскай свядомасці. Нават у расейскім часопісе “Плэйбой”, прэзентуючы пісьменніка Мамлеева, пішуць, што ён вялікі расейскі пісьменнік. Такое светаўспрыманне немінуча вядзе да трагедыі, да расчаравання. Самасць асляпляе расейцаў. І нават разумны і далікатны літаратар Міхаіл Прышвін піша: “…няма ў свеце больш барбарскага абыходжання з жывёламі, са сродкамі працы, з зямлёю, чым у нас”. Можна дадаць і чалавека, не памылімся. Але ж галоўнае: “няма ў свеце” і “больш”. Дурная самасць, што вядзе да новых і новых ахвяраў.

Пушкін . Па-руску пісаў Пушкін, а яшчэ па-руску напісалася безліч даносаў у царскую ахранку, у ЧК, у НКВД, у КГБ, даносаў, па якіх тварыліся судзілішчы і людзі прыгаворваліся да расстрэлаў. Канцылярыя ў савецкіх канцлагерах таксама вялася на так званай “вялікай і магутнай” мове. Загады на вынішчэнне цэлых народаў прамаўляліся па-руску, з рознымі нямецкімі і грузінскімі акцэнтамі, але ж па-руску. Дык што такое жменька выдатных літаратараў, кшталту Пушкіна, у параўнанні з плоймаю катаў, садыстаў, пачвараў, якія рыкалі, верашчалі, плявузгалі па-руску? Дробны вынятак. Рускамоўных геніяў цяпер я не бачу. А даносы па-ранейшаму пішуцца ў ФСБ і МУС.

Расейская кніга-1 Пераважная большасць людзей, задзейнічаных у расейскім кніжным бізнесе, - нярускія. Як сказаў адзін мой калега габрэй, так склалася гістарычна. Пагаджаюся. Першую рускую біблію надрукаваў беларус Скарына, першыя рускія тлумачальныя і этымалагічныя слоўнікі зрабалі немцы Фасмэр з Далем, нават заснавальнік сучаснай літаратурнай рускай мовы Пушкін па бацьку эфіёп. Як склалася, так пайшло і так ідзе. Асноўныя капіталаўкладанні на расейскім кніжным рынку належаць немцам і габрэям, а вось большасць белетрыстыкі пішацца беларусамі.

Расейская кніга-2 . Куды б я ні паехаў, абавязкова заходжу ў кнігарні. Гэта звычка з дзяцінства. Добрая, скажу табе, завядзёнка. Пастаіш каля палічак з кнігамі, нешта пагартаеш, нешта пачытаеш, набудзеш. Так вось воляю лёсу і стаў я літаратарам і кнігавыдаўцом. Калі літаратар я беларускі, дык кнігавыдавец расейскі, бо выдаю кнігі на расейскай мове. І за расейскую кнігу нейкім чынам перажываю. Мяне вельмі насцярожыў той факт, што ва ўсіх замежных крамах расейскімі кнігамі гандлююць інваліды. У віленскай «Русской книге» цябе сустрэне зморшчаны чорнагаловы карузлік з драўляным голасам; у Празе расейскую кнігу прапануе аднарукі аматар тэалагічных дыспутаў; а ў Карлавых Варах гандляр наагул катаецца ў краме інваліднаю каляскай з кудлатым сабачкам на руках. Зрэшты, кніжная крама – прытулак не надта прыгожых людзей. Прыгажуны і прыгажуні наведваюць усялякія іншыя крамы – аўтамабільныя, ювелірныя, моднага адзення. А ў кнігарнях шукаюць прытулку людзі самотныя, рамантычныя, крышку бажаволкі.

Расейская мова-1 . З расейскім празаікам Святазарам Барчанкам я сядзеў за адным рэстаранным сталом у доме творчасці ў Піцундзе. З жонкаю мы дэманстрацыйна перагаворваліся па-беларуску. “А вам не сорамна гаварыць за сталом на мове, якой астатнія не разумеюць?” – паспрабаваў упікнуць нас Святазар. – “А вам не сорамна, што ўсе смяротныя прысуды ЧК, НКВД і КГБ пісаліся па-расейску?” Два дні мы не гаварылі. Потым замірыліся, і Святазар расказаў, як ягоны дзед даў прытулак сям’і Івана Буніна ў крывавым 1917 г. Пазней я знайшоў у бунінскім дзённіку запіс: “Каля шлагбаўму кола рассыпалася. Да Яльца пешкі – цяжка! Жахліва! Спыняць, могуць забіць… Прытулілі нас Барчанкі. Увечары (зноў удар!) (Успаміны перарываюцца гукамі гарматных стрэлаў, якія чуваць было, калі рабіліся запісы ў дзённіку. – А. Г.) у нас госці, я гаварыў лішняе, - выпіў. 24-га прабылі ў Яльцы. Адсюль чуткі пра пагромы маёнткаў. Вл. См. усё Аненскае разграмілі. Паляць хлеб, скаціну, свінні смажаць і п’юць самагонку (Зноў!)”. У знак прымірэння Святазар пераклаў на сапраўдную расейскую мову маю аповесць “Смерць-мужчына”.

Расейская мова-2 . Недалюбліваю расейскую мову, а тых, хто яе насаджае гвалтам, не слухаю. Не пашанцавала мне з настаўніцамі вялікай і магутнай. Усе, як адна, яе не ведалі. Першая, Казачка, не мела вышэйшай адукацыі – ну што тут казаць. Другая, Серафіма, адукацыю мела, але вучні яе не паважалі настолькі, што трымалі дзверы і не пускалі ў класу. Серафіма плакала, гістэрычна верашчала і скардзілася дырэктару… Якая мова?! Трэцяя, Карэлка, блыталася ў мужчынскім і жаночым родзе. Ён прыйшла, яна прыйшоў… Дысцыпліна на ўроках была жалезная, а расейскага слова не было. Чацвертая, Татарка, прыйшла да нас адразу пасля інстытуту і спрабавала сябраваць. Знайшла сяброў. Выперлі яе са школы за прафнепрыдатнасць. Пятая, Старая Дзева з беларусаў, тое-сёе выправіла ў маёй адукацыі: да школьных выпукных іспытаў я вывучыў усе патрэбныя правілы, але атрымаў “4”, бо прапускаю літары, калі пішу. Так яна патлумачыла заніжаны бал. Апошняя, шостая – Мянчучка з габрэяў – запомнілася сваім садызмам. У яе былі дзве адзнакі – “1” і “4”. Неяк я ўсё ж атрымаў залік, а колькі людзей пагублялі з-за непатрэбнай прынцыповасці гады жыцця – не пералічыць. Такі парадокс: нелюбоў да расейскай мовы мне прышчапілі кепскія настаўніцы. Праўда, пазнаёміўся я з настаўніцай расейскай мовы ў Тбілісі. Яна рабіла па 40 памылак у дыктоўцы для 4 класы. Дык мае яшчэ не з горшых: хоць чытаць-пісаць навучылі.

Рэйн . Піцерскі паэт Яўген Рэйн, сябра Язэпа Бродскага і вучань Ганны Ахматавай, аднойчы сярод ночы, калі мы чыталі вершы і пілі “рускую”, сказаў: “Не пішы нацыяналістычную паэзію, і ўсё складзецца добра”. Паслухаў я Рэйна і перайшоў на прозу.

Рэпін . Кінематаграфіст Нікіта Міхалкоў, разважаючы пра жывапіс, не падумаўшы, ляпнуў: творчасць Іллі Рэпіна такая ж папулярная ў Расеі, як творчасць Рафаэля ў Італіі. Мяркую, сам Рэпін вельмі здзівіўся б такому мядзведжаму і чыста расейскаму кампліменту. Папулярнасць мастакоў італійскага Адраджэння пераўзыходзіць вядомасць астатніх на некалькі парадкаў, і Расея, дзякаваць Богу, не вынятак з правілаў. Пэўна, з-за такіх недарэк-лісліўцаў, як Міхалкоў, Рэпін на схіле гадоў назаўсёды пакінуў Расею і пасяліўся ў Фінляндыі – “прытулку ўбогага чухонца”, як яе называў А. Пушкін. Ёсць, праўда, і іншая, больш важкая прычына эміграцыі Іллі Яфімавіча. Пра яе так напісаў Уладзімір Маякоўскі: “І Рэпін, і Бродскі (меўся на ўвазе мастак, а не паэт. – А. Г.), і Ўрубель верылі толькі ў рубель”. Вядома, фінскую марку тады яшчэ толькі-толькі ўвялі, але ў Расеі на той час хлеб па картачках давалі, так што Рэпін меў рацыю, калі рублёвую веру змяніў на марачную.

Савіцкі . Чытаючы раман “Тэма без варыяцыяў” Дзмітрыя Савіцкага, падумаў, што ў свеце існуе інтэрнацыянальная эмігранцкая літаратура. Асабліва тут вызначылася ХХ стагоддзе: Аляксей Талстой, Аляксандр Купрын, Джэймс Джойс, Генры Мілер і безліч іншых.

Салжаніцын . У сваім опусе “Як абсталяваць Расею” Салжаніцын назваў рэспублікі Сярэдняй Азіі расейскім падчарэўем. Калі пайсці ў параўнаннях за публіцыстам, можна Ўладзівасток ахрысціць заднепраходнай адтулінай, а Камчатку хвастом, які з-за энергетычнага крызісу пачаў адмярзаць. Тое, што Масква – сэрца Расеі, вядома і без Салжаніцына… Як і большасць “абустройшчыкаў” Расеі манілаўскага ўзору, Салжаніцын пражыў жыццё за мяжою Радзімы. І вярнуўшыся, не забывае чужую старонку, што корміць, поіць і апранае. Таму васьмідзесяцігоддзе Салжаніцын святкаваў на тэрыторыі шведскай амбасады, а не ў Мураме ці Суздалі. І ясна чаму. Не “абвустроілі” яшчэ Расею, не збудавалі, як тыя шведы, сацыялізм з чалавечым тварам. І апошняе, што варта сказаць пра творчасць Салжаніцына… Усе ягоныя жахі разам узятыя – нішто ў параўнанні з “Запіскамі з мёртвага дому” Хведара Дастаеўскага. Гэта Дастаеўскаму шведы далі Нобелеўскую прэмію, а атрымаў яе Салжаніцын.

Салтыкоў-Шчадрын і Бунін . Існуе показка, што нібыта расейскі цар спытаў у Салтыкова-Шчадрына, як адным словам абмаляваць усю Расею. “Крадуць!” – адказаў сатырык. Падобнае апісвае Іван Бунін у сваіх дзённіках: “Быў на млыне. Размова з Андрэем Сіманавым. З ягоных слоў, уся наша вёска злодзей на злодзеі!” Каб жа толькі вёска крала. А крадуць у Расеі і ў горадзе, і ў Маскоўскім крамлі.

Сарокін . Віця Ерафееў назваў Вову Сарокіна “гаўнавозкай”. Крытык меў рацыю. Сарокін любіць гаўно, піша пра гаўно. Капрафагія – асноўны матыў сракінскай творчасці. Хто да мяне назваў Сарокіна Сракіным – неістотна, бо трапна. Варта спытаць Вову, ці тоне гаўно. Адказ мусіць быць такі: гаўно тоне. Вова ж майстар нечаканых канцовак.

Талстой . Пра адлучэнне Льва Талстога ад расейскай праваслаўнай царквы я даведаўся ў Ленінградзе, у музеі рэлігіі і атэізму, які месціўся ў памяшканні Казанскага сабору. На сценапісе палымнела пекла, у агнявой геене сядзелі сумныя Талстой з Лермантавым. Ідыятызм карцінкі я і зараз не стаўлю пад сумнеў. Гонар расейскай культуры і нацыі – Талстой, любімы паэт Расеі – Лермантаў на загад невядомых паўдуркаў намаляваныя сярод чартоў. Прыклад расейскага праваслаўнага цемрашальства. Сумна, што сёння пачаўся новы этап дзікунства. Адзін мой знаёмы журналіст, схаваўшы партбілет, распачаў праваслаўную кар’еру. Сустрэліся мы выпадкова ў букіністычнай краме. Новы праваслаўны прытарабаніў здаваць на камісію зборы твораў Талстога і Лермантава. “А што ты зробіш, калі ніхто не купіць?” “Занясу на сметнік”.

Талстой . Янка Брыль – талстовец і літаратар – пісаў пра ідыятызм вясковага жыцця. У мяне ідыятызм жыцця на вёсцы асацыюецца хутчэй з жыццём Талстога, чым з жыццём селяніна. Васіль Восіпавіч Ключэўскі пра таго ж Талстога сказаў так: “Талстой – позняя пародыя на старажытнарасейскага бажаволка, які соваўся гарадскімі вуліцамі голы і не саромеўся”.

Троцкі . Бацька чырвонага тэрору Леў Троцкі дэталёва апісаў сваё жыццё-быццё ў маскоўскім Крамлі. Уразіла не тое, што бальшавікі расстралялі царскую сям’ю, а што, расстраляўшы, спакойна жэрлі з царскага посуду, і прыслужвалі ім за сталом царскія лёкаі. Я не цярплю аднаразовага посуду, але і з чужых, нават рэстаранных талерак, есці не люблю. Каб можна было хадзіць у госці з уласным сталовым прыборам, я б хадзіў.

Трубяцкой . Расейскі эмігрант князь Мікалай Трубяцкой у 20-х гадах ХХ ст. фармуляваў дактрыну новага шляху Расеі. Ён пісаў: “Камунізм на самой справе з’яўляецца скажоным варыянтам еўрапеізму ў ягоных разбурэннях духоўных асноваў і нацыянальнай унікальнасці расейскага грамадства, у распаўсюджванні ў ім марэыялістычных крытэраў, якія фактычна кіруюць у Еўропе і Амерыцы…” Відавочны маразм Трубяцкога пацвердзіла гісторыя, калі камунізм дайшоў да Азіі і выявіўся ва ўчынках Мао, Хо Шы Міна і асабліва крывава ў дзеяннях Пол Пота, чые паслядоўнікі матыкамі трушчылі чарапы сваіх бацькоў. “Наша задача – стварыць цалкам новую культуру, нашу ўласную культуру, якая не будзе падобнай да еўрапейскай цывілізацыі… Калі Расея перастане быць скажоным адбіткам еўрапейскай цывілізацыі… Калі яна зноў стане сама сабою: Расеяю-Еўразіяю, свядомай спадкаемніцаю і носьбітам вялікай спадчыны Чынгісхана”. Маразм на маразме. Якая цалкам новая культура? Чаму не трэба быць падобным да цывілізацыі? Кім можа быць Расея, акрамя як Расеяю? Чаму за ўзор бярэцца спадчына Чынгісхана, а не прыклад Аляксандра Македонскага, які хоць крышку ў Арыстотэля вучыўся і рэальна аб’яднаў Еўропу з Азіяй? І няхай бы глупствы князя-выгнанніка засталіся на пажоўклай паперы. Дык не. Расея намагаецца аб’яднаць Беларусь з Таджыкістанам, Ічкерыяй і Карэліяй і стварыць гэтую хімэрычную Расею-Еўразію. Кроў, вайна і жабрацтва народу – вось вынік намаганняў. Расеі, каб захавацца як Расеі, трэба зрабіцца Масковіяй, еўрапейскай дзяржавай, інакш яе з’есць мусульманская Азія, Чынгісхан адродзіцца, і расейцы зноў будуць сплочваць падаткі вылікаму манголу.

Тургенеў . У дзённіку братоў Ганкураў Іван Тургенеў названы “мілым барбарам”. З “барбарам” я згодны цалкам, а вось “мілы” – чыста французская галантэрыя. Тургенеў не мілы і не друг, а барбар з бабскім тварам, хворы на імперскую ідэалогію.

Хармсіха . Марына з роду князёў Трубяцкіх з 1934 па 1942 г. была жонкаю самага экстравагантнага расейскага літаратара Данііла Хармса. Ва ўспамінах яна кажа: “Ні за якія грошы, ні за што, што б мне ні далі – каштоўныя пярсцёнкі, дыяменты – ніколі ў жыцці я не буду глядзець на Расею!” Так вось знявагамі давялі чалавека да нянавісці да Радзімы. Гэтымі словамі яна скончыла ўспаміны. А вышэй яна напісала і такое: “Мяне і яшчэ трох-чатырох маладых паклалі на печы. Я хутка сагрэлася. І раптам я пабачыла котку! Няз’едзеную котку! Я як загарлаю: “Трымайце яе! Таварышы, хапайце яе!” – і зляцела з печы. Я кінулася за коткай, каб яе злавіць. Але яна, дзякуй Богу, уцякла”. Котку Марына лавіла, выбраўшыся з блакаднага Ленінграду, дзе за талерку супу з сабачыны аддала Друскіну ўсе рукапісы мужа. Свайго Дані, які баяўся толькі аднаго на свеце – што яго забяруць у войска і прымусяць забіваць людзей, які імітаваў псіхічную хваробу, якога па даносе арыштавалі і замарылі голадам у турме. А Марына вырвалася з блакады, а пасля і з Расеі. Ёй пашанцавала.

Чэхаў . Гумар і сарказм Антона Чэхава падштурхнулі мяне да пытання: а ці не чэх Антон Паўлавіч? І сапраўды, Чэхаў бліжэйшы да Чапэка з Гашакам, чым да Буніна з Талстым. І каб Чэхаў напісаў раман, гэта быў бы хутчэй “Бравы салдат Швэйк”, чым “Вайна і мір”. І калі нехта напіша зноў, што А. П. Чэхаў – вялікі расейскі пісьменнік, я не паверу. Чэхаў – выключны пісьменнік, еўрапейскі пісьменнік, сапраўдны апавядальнік, як і Чапэк з Гашакам. Чэхаў нармальны, а не вялікі. А нармальнасць – тое асноўнае, чаго не ставала Расеі ні ў ХІХ, ні ў ХХ стагоддзях.

Шолахаў . Выдатны нігіліст Луі-Фэрдынанд Сэлін у сваім рамане “З замку ў замак” абурыўся: “…Вось калі б я быў які-небудзь Влас… Влас Прохрохроффф… з Крыжопалю-на-Доне… Крыжопаль-на-Доне – гэта вам не Курбвуа-на-Сене!.. вось тады Нобелеўская прэмія была б у мяне ў кішэні… Але ж я тутэйшы і навет не сэфард!.. Такія, як я, нікому не патрэбныя!.. Іх трэба зніштажаць!.. Каб не назалялі!..” Абураўся Сэлін. І меў права, бо Шолахаў, Салжаніцын – Власы Прох-рох-рохарафы горшыя за яго, а ўзнагароды атрымалі. Шолахаў атрымаў за антыінтэлектуальны, грувасткі і не чытэльны раман пра Дон. Шолахаў і Ленінскую прэмію атрымаў, і Сталінскую – “яму пашанцавала нарадзіцца ў Крыжопалі”.

Што рабіць з трупам? . ХІХ стагоддзе прайшло ў расейскай культуры пад пытальнікам, пастаўленым пасля сказу “што рабіць”. “Што рабіць?” – пытаўся Чарнышэўскі ў сваім рамане “Што рабіць?” Герой Ганчарова лайдак Абломаў таксама шукаў адказу на невырашальнае для расейцаў пытанне. Хоць яшчэ ў школе усіх без вынятку вучаць: адказ знаходзіцца ў пытанні. Трэба рабіць. Працаваць трэба, рабіць работу. Але для расейца гэта не адказ. У іх уся работа робіцца “на шчупакова казанне”. Калі не шчупак, дык залатая рыбка пераробіць усю чыста работу. Нават Уладзімір Ульянаў (Ленін), які вучыўся на выдатна, напісаў кніжку з назваю “Што рабіць”. А ў ХХ стагоддзі расейцы знайшлі сабе работу, і назва той рабоце – вайна. Яны так і кажуць з тэлеэкранаў: “У Чачэніі нашы салдаты робяць сваю работу”. І яны там нарабілі, і не толькі там… Яны наработалі і пад час расейска-японскай, і на першай імперыялістычнай, і на савецка-фінскай, і ў другую сусветную… Яны – расейскія мужыкі – “рабілі сваю работу”, і ў выніку ўзнікла асноўнае пытанне расейскай інтэлегенцыі ХХ стагоддзя: “Што рабіць з трупам?”. І не рытарычнае гэта пытанне, не абстрактнае, яно актуальнае, сакральнае, рэальнае. Уся Расея засцеленая трупамі, і не нябожчыкамі, што адышлі ў лепшы свет паводле звычайных законаў прыроды. Расея заслана трупамі ахвяраў. Ахвяры войнаў, ахвяры канцэнтрацыйных лагераў, ахвяры белага, чырвонага і зялёнага тэрору засцілаюць Расею. Расейцы забілі свайго цара і праз 80 гадоў не змаглі яго нават пахаваць па-людску. А ў цэнтры расейскай сталіцы, на Краснай плошчы ў Маскве ляжыць труп самага Леніна (Уладзіміра Ульянава), які нібыта ведаў, што рабіць. А расейцы зноў не могуць знайсці адказ. А ён да банальнасці просты: труп трэба закапаць. Нябожчыкаў неабходна хаваць, а не трымаць у лядоўнях па 10 гадоў. І першага, каго трэба пакласці ў зямлю, гэта Леніна.

Яроменка . Аляксандр Яроменка напісаў кніжачку вясёлых вершаў, сабраў калекцыю мастацкіх вырабаў з расейскіх турмаў і знік. Дзе? Што робіць? Ці жыве? Зрэшты, не ў тым сутнасць. Калі чытаю Сашкіны санеты, пераконваюся: нобелеўскую прэмію можна даваць толькі за вершы. Каб хоць неяк кампенсаваць тое, што яе не даюць мастакам і рэжысёрам. Ну сапраўды, чаму Сянкевіч і Шолахаў лаўрэаты, а Пікаса і Бунюэль – не?

дивіться: http://www.lab.org.ua/article/254/

джерело : www.litara.net

Догори
Роботи автора

Перейти до статей теми: